Версия для слабовидящих

1 СНЕЖНЯ – СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ БАРАЦЬБЫ СА СНІД

2021-11-29

У 1988 годзе па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) быў заснаваны Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, які штогод адзначаецца 1 снежня.

Гэты дзень стаў адным з самых важных міжнародных дзён, звязаных з пытаннямі аховы здароўя і адной з ключавых магчымасцей павышэння інфармаванасці і магчымасці адзначыць такія дасягненні як пашырэнне доступу да лячэння і мер па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Сімвалам гэтага дня з’яўляецца чырвоная стужка, якая абазначае падтрымку, спачуванне і надзеі на будучыню без СНІДу.

У 2021 годзе тэма Сусветнага дня барацьбы са СНІДам – «Ліквідаваць няроўнасць. Скончыць са СНІДам. Спыніць пандэміі».

Надыходзіць трэці год пандэміі COVID-19 і пятае дзесяцігоддзе пандэміі СНІДу. Праблема распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі застаецца адным з самых вострых медыцынскіх і сацыяльных глабальных выклікаў, з якім сутыкаюцца ўсе без выключэння дзяржавы. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, у 2020 годзе склала 37,7 мільёна чалавек, з пачатку эпідэміі ад звязаных са СНІДам хвароб памерла 36,3 мільёна чалавек.

Па стане на 1 лістапада 2021 года ў Беларусі з ВІЧ-станоўчым статусам пражывае больш за 23 тыс. чалавек. За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць новых выпадкаў рэгіструецца ва ўзроставай групе 35-49 гадоў, пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ – на яго долю прыпадае больш за 80% выпадкаў, якія выяўляюцца ўпершыню.

Пандэмія COVID-19, да якой прыкавана ўвага ўсяго свету, паказала, што пытанне здароўя цесна звязана з іншымі важнымі пытаннямі, такімі як правы чалавека, гендэрная роўнасць і сацыяльная абарона. Пандэмія навучыла нас таму, што бяспека ўсіх залежыць ад бяспекі кожнага. Каб дасягнуць поспеху, неабходна аказваць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Выкараненне стыгмы і дыскрымінацыі, і прымяненне падыходаў, заснаваных на правах чалавека і гендэрнай роўнасці, – вось галоўныя ўмовы спынення ў свеце пандэмій ВІЧ і COVID-19.

У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці добраахвотнае тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў любой установе аховы здароўя. Створаны магчымасці не толькі прайсці тэст ва ўстанове аховы здароўя, але свабодна купіць яго ў аптэцы і зрабіць тэст дома, у рамках саматэставання.

У Беларусі прадугледжаны ўніверсальны доступ пацыентаў да антырэтравіруснай тэрапіі, гэта значыць дзяржава гарантуе прадастаўленне лячэння ВІЧ-інфекцыі ўсім людзям, якія жывуць з ВІЧ, незалежна ад стадыі хваробы і ўзроўню імунітэту. На сённяшні дзень у рэспубліцы 85 працэнтаў людзей, якія жывуць з ВІЧ, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, тым самым захоўваючы сваё здароўе, працягласць і якасць жыцця.